Моладзь і псіхічнае здароўе: парады экспертаў ватыканскага шпіталя
Марыя Валодзіна - Pope
Паводле ЮНІСЕФ, у свеце ад псіхічных захворванняў пакутуе 166 мільёнаў падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў. Амаль кожны сёмы. У Еўропе гэта больш за 11 мільёнаў (13%) непаўналетніх. З іх 5,9 мільёна – хлопцы, 5,3 – дзяўчыны. 8% падлеткаў (15-19 гадоў) пакутуюць на трывогу, 4% - на дэпрэсію. Самагубства з'яўляецца другой прычынай смерці падлеткаў пасля дарожна-транспартных здарэнняў.
За апошнія дзесяць гадоў колькасць псіханеўралагічных кансультацый у ватыканскай бальніцы Bambino Gesù павялічылася на 500%: з 237 выпадкаў у 2013 да 1415 у 2023 годзе. У 2021 годзе колькасць зваротаў дасягнула піку і склала 1824 выпадкі, - паведаміў прафесар Стэфана Вікары, які ўзначальвае аддзяленне нейрапсіхіятрыі. Сярод найбольш распаўсюджаных расстройстваў – дэпрэсія, аўтаагрэсія, трывога і харчовыя расстройствы.
Сігналы трывогі: распазнаць і дзейнічаць
Ватыканскія эксперты адзначаюць, што прыкметай псіхалагічнага расстройства могуць быць рэзкія і працяглыя змены ў паводзінах дзіцяці. Трывожныя званкі, на якія бацькі павінны звярнуць увагу – гэта змены ў паводзінах і звычках, асабліва раптоўныя і працяглыя па часу. Пагаршэнне вучобы, сацыяльная ізаляцыя, адмова ад наведвання школы, павышаная раздражняльнасць і сварлівасць, страта цікавасці да спартыўных заняткаў, аўтаагрэсія, асабліва распаўсюджаная сярод падлеткаў 13-14 гадоў, парушэнні сну або харчавання (пераяданне, недаяданне, рэзкае павелічэнне або зніжэнне вагі), суіцыдальныя думкі.
"Відавочна, што час ад часу так сябе паводзяць усе падлеткі, але калі такія паводзіны становяцца паўсядзённымі, моцна адрозніваюцца ад звыклых паводзін і доўжацца тыдні ці месяцы, тады трэба звярнуцца па дапамогу”, - удакладніў прафесар Вікары.
Назіраць і не баяцца ўмешвацца
Бацькам важна ўважліва назіраць за сваімі дзецьмі і не баяцца ўмешвацца. "Дзяцей трэба кантраляваць. Гэта роля бацькоў. Адносіны бацькоў і дзяцей – гэта не сяброўства, гэта адносіны дарослага і таго, хто расце, адносіны выхавацеля, і таго, каго трэба выхоўваць," - падкрэсліў нейрапсіхіятр.
Быць побач
Для прафілактыкі псіхалагічных праблем варта будаваць гарманічнае сямейнае асяроддзе. Першая практычная парада - быць побач, праводзіць час з дзецьмі. Мае значэнне як якасць, так і колькасць часу, праведзенага з імі. Важна таксама знайсці час, каб проста памаўчаць разам з імі. Не трэба пастаянна казаць ім, што рабіць і чаго не рабіць. Уласны прыклад значна важнейшы. Важна слухаць дзяцей і ведаць, што яны робяць. "Для гэтага неабходна знайсці час. Вельмі важна забяспечыць фізічную прысутнасць побач з дзецьмі. У адваротным выпадку адносіны рызыкуюць стаць функцыянальнымі і дырэктыўнымі: памыйся, пазаймайся, навядзі парадак, заплечнік сабраў? Неабходна данесці да дзяцей простую ідэю: калі табе трэба, я побач, - патлумачыў прафесар Вікары.
Ствараць здаровую сямейную атмасферу
Размовы, гульні, чытанне, фізічная актыўнасць дапамагаюць захоўваць псіхічнае і фізічнае здароўе. "Псіхічны дабрабыт будуецца разам з фізічным і кагнітыўным дабрабытам, назапашваючы веды, гуляючы. Сакрэт у тым, каб праводзіць з дзецьмі час і атрымліваць ад гэтага асалоду. Не ўспрымаць гэта як пакаранне, як нешта, што пазбаўляе нас часу для ўласных інтарэсаў”, - дадаў эксперт.
Хай панудзяцца
Нават нуда можа быць карыснай: яна стымулюе фантазію і крэатыўнасць. "Творчасць нараджаецца тады, калі, маючы ў руцэ палку, уяўляць, што гэта касмічны карабель для даследавання планет”, - заўважыў ватыканскі ўрач.
Іншыя парады: трымаць лекі ў недаступных месцах; абмяжоўваць выкарыстанне смартфонаў і сацыяльных сетак; сачыць за паводзінамі, звязанымі з ужываннем наркотыкаў або ўдзелам у азартных гульнях. У Італіі дзеці пачынаюць ужываць канабіноіды ўжо ў першым класе сярэдняй школы (ва ўзросце 11-12 гадоў, рэд.). Амаль кожны трэці непаўналетні наведвае букмекерскія канторы і гуляе ў латарэю, - распавёў прафесар Вікары.
Звяртацца па дапамогу
Калі бацькі сутыкаюцца з трывожнымі званкамі, важна звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў. "Гэта праблемы, якія можна пераадолець, таму мы заклікаем бацькоў звяртаць увагу на трывожныя сігналы”, - адзначыў глава аддзялення нейрапсіхіятрыі ватыканскага педыятрычнага шпіталя.