ҽ

Імша, якая праводзілася 9 лістапада 2024 года на мяжы Мексікі і ЗША ў памяць аб мігрантах Імша, якая праводзілася 9 лістапада 2024 года на мяжы Мексікі і ЗША ў памяць аб мігрантах  (REUTERS)

Біскупы ЗША супраць масавых дэпартацый мігрантаў

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША выступіла з заявай супраць масавых дэпартацый і заклікала ўлады да справядлівага і гуманнага стаўлення да імігрантаў, нагадваючы пра іх годнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Заява з'явілася на фоне абвяшчэння новай іміграцыйнай палітыкі абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які плануе ўзмацніць памежны кантроль і правесці масавыя дэпартацыі нелегальных мігрантаў. Дакумент падпісалі старшыня епіскапату ЗША, арцыбіскуп Цімаці Броліё і двое біскупаў, адказных за душпастырства імігрантаў.

"Разам мы павінны прамовіць ад імя тых, хто прагне свабоды, і папрасіць наш урад аб справядлівым і гуманным стаўленні да нашых умілаваных братоў і сясцёр мігрантаў", - адзначаецца ў дакуменце. Біскупы заклікаюць да такой міграцыйнай палітыкі, якая прымае ўцекачоў і стварае перспектыву атрымання грамадзянства для тых з іх, хто ўехаў у ЗША нелегальна, але жыве ў краіне шмат гадоў.

Амерыканскі епіскапат падкрэслівае гістарычную ролю мігрантаў у развіцці краіны: "Ад моманту стварэння нашай дзяржавы мігранты былі неабходным фактарам развіцця і дабрабыту гэтага грамадства. Яны працягваюць гарантаваць харчовую бяспеку, медыцынскія паслугі і шмат іншых неабходных навыкаў, якія падтрымліваюць наш квітнеючы народ".

Біскуп Марк Зайтц з дыяцэзіі Эль-Пасо ў Тэхасе, старшыня Камітэта па міграцыі, выказаў занепакоенасць заявамі Трампа, але адзначыў, што "рэальнасць часта адрозніваецца ад рыторыкі". У сваю чаргу, арцыбіскуп Броліё падкрэсліў, што біскупы не выступаюць за нелегальную іміграцыю, але людзі, якія прыбываюць у ЗША, павінны быць акружаны клопатам, паколькі "ўяўляюць сабой аблічча Хрыста".
 

15 лістапада 2024, 11:55