Візіт Францішка ў Інданезію: станоўчы водгук у СМІ
Аляксандр Панчанка - Pope
Jakarta Post апублікавала артыкул пад загалоўкам Папа заклікае да гармоніі паміж рэлігіямі ў Інданезіі. “Краіна працягвае змагацца з праблемамі рэлігійнай нецярпімасці і экстрэмізму”, - гаворыцца ў падзагалоўку. Днём раней газета змясціла фотаздымак Святога Айца на першай старонцы. У выданні звярталася ўвага на заклік праваабарончых арганізацый да Папы, каб у Джакарце ён выказаўся на тэму правоў чалавека і клімату.
Партал Antara інданезійскага інфармацыйнага агенцтва прадставіў візіт Папы як “доказ” існавання гармоніі паміж рэлігіямі. Адзначаецца, што 8,5 мільёнаў католікаў, каля трох працэнтаў насельніцтва, “жывуць у міры са сваімі братамі і сёстрамі іншых веравызнанняў”. Пры гэтым абмінаецца той факт, што на захадзе краіны з 2005 года дзейнічае вельмі жорсткая версія ісламскіх законаў шарыяту.
Выданне апублікавала інтэрв’ю з кардыналам Ігнацыюсам Сухар’ё Харджоатмоджам, арцыбіскупам Джакарты, які падкрэсліў, што Папа свядома выбраў Інданезію ў якасці першага пункта свайго азіяцкага падарожжа. Па словах іерарха, “філасофія жыцця” інданезійскага народа, якую можна абагульніць як “адзінства ў разнастайнасці” вельмі блізкая Папу.
“Калі наш народ па-сапраўднаму хоча аб’яднацца, гэта прывядзе да сацыяльнай справядлівасці для ўсіх інданезійцаў”, - дадаў ён. Арцыбіскуп прызнаўся, што быў крануты афіцыйным прыёмам Францішка прэзідэнтам Джока Відадо, які завяршае свой другі і апошні тэрмін на пасадзе кіраўніка дзяржавы. “Я ніколі не бачыў такой цырымоніі. Усе любяць гэтага Папу”, - сказаў кардынал Харджоатмоджа.
Служба навін Indopos падрабязна распавядае пра зварот імама Джакарты Насарудзіна Умара да Пантыфіка падчас іх сустрэчы ў мячэці Істыкляль, але цытаты з прамовы Святога Айца не прыводзяцца. У сваю чаргу выданне Republika змяшчае вялікія вытрымкі са звароту Францішка.
У найбольш чытаным артыкуле англамоўнага сайта Jakarta Globe звяртаецца ўвага на тое, для Папа выбраў для свайго прабывання ў Джакарце не раскошны гатэль, а сціплы пакой у нунцыятуры. Пра яго сціпласць, паводле выдання, сведчыць таксама той факт, што па горадзе ён перасоўваўся на аўтамабілі маркі Toyota.