Спецыялісты не пагаджаюцца на сучасныя вітражы ў Нотр-Дам
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Як паведаміла Le Figaro, Нацыянальная камісія па спадчыне і архітэктуры аднагалосна адхіліла супярэчлівы праект, які прасоўваў, у тым ліку, прэзідэнт Эмануэль Макрон. Прадугледжвалася пабудова шасці новых вітражоў у паўднёвых капліцах галоўнага нефа, якія павінны былі замяніць вітражы ХІХ стагоддзя.
Французскія рэстаўратары лічаць, што праект не адпавядае Міжнароднай хартыі захавання і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных мясцін, так званай Венецыянскай хартыі, прынятай Францыяй. Там сказана, што ні адзін гістарычны помнік не павінен быць разбураны ці заменены.
Спробы рэалізаваць новыя вітражы пачаліся вясной мінулага года. Міністэрства культуры прызначыла камісію па адборы прэтэндэнтаў на конкурс. Цікавасць выказалі 80 мастакоў. Спіс фіналістаў павінен быў быць прадстаўлены спачатку ў канцы чэрвеня, а потым у верасні 2024 года. Пераможцу планавалі вызначыць у лістападзе, а 8 снежня, падчас афіцыйнага адкрыцця сабора, – прадставіць прататыпы новых вітражоў.
Меркаванне Нацыянальнай камісіі па спадчыне і архітэктуры можа паставіць кропку ў гэтым праекце. Хоць яе голас носіць рэкамендацыйны характар, прэзідэнт Макрон ужо заявіў, што будзе паважаць рашэнне экспертаў.