Святы Пасад у АБСЕ пра небяспеку эксплуатацыі бежанцаў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Падчас сесіі, прысвечанай абароне і дапамозе ахвярам гандлю людзьмі, ватыканскі дыпламат адзначыў, што кіраўніцтва краін павінна дзейнічаць больш эфектыўна ў супрацьстаянні гэтай практыцы. Неабходна лепшае заканадаўства для абароны ахвяр у краінах паходжання, транзіту і прызначэння. Дзяржавы павінны больш шчыльна супрацоўнічаць з НДА і грамадзянскай супольнасцю ў гэтым пытанні.
Усведамленне важнасці такіх намаганняў прысутнічае і ў Касцёле. Ён змагаецца за тое, каб даць прытулак ахвярам і дапамагае ім знайсці шлях вяртання ў грамадства. “Такія ініцыятывы ствараюць асяроддзе, у якім ахвяр прымаюць, абараняюць, дзе гарантуюць ім клопат, а таксама спрыяюць іх аздараўленню і рэінтэграцыі”, - сказаў ксёндз Урбанчык.
Важным сацыяльным аспектам з'яўляецца таксама супрацьдзеянне культуры абыякавасці і адчужэння, ад якой пакутуюць ахвяры гандлю людзьмі. Як паўтарае папа Францішак, неабходна прымаць, суправаджаць, абараняць такіх асоб, прапанаваць ім салідарнасць.
З моманту нарастання хвалі бежанцаў з Украіны эксперты Рады Еўропы перасцерагаюць ад “прыбытковага бізнесу па кантрабандзе людзей для заняткаў прастытуцыяй, прымусовай працы і гандлю органамі”. Паводле выканаўчага сакратара арганізацыі Пэці Нэстаравай, за апошнія гады было зафіксавана ад 200 да 300 тысяч ахвяр такой практыкі, у тым ліку і ва Украіне.
У сувязі з хваляй бежанцаў ЮНІСЕФ у супрацоўніцтве з кіраўніцтвам краін стварае спецыяльныя пункты падтрымкі Blue Dots – бяспечныя месцы ўздоўж памежных пераходаў, якія гарантуюць дзецям і сем'ям ключавую інфармацыю і практычную дапамогу падчас падарожжа. 34 пункты ўжо створаны ў Польшчы, іншыя – у Малдове, Румыніі, Беларусі, Венгрыі і Славакіі.