COMECE хоча супрацоўнічаць з новай старшынёй Еўрапарламента
Ян Глінскі - Pope
Старшыня біскупскага аб’яднання, арцыбіскуп Жан-Клод Олерыш адзначыў, што COMECE ўжо мела нагоду супрацоўнічаць з Рабэртай Мэтсола, і гэта быў станоўчы досвед. “Мы з нецярпеннем чакаем працягу супрацоўніцтва на карысць супольнага дабра, набліжаючы грамадскія інстытуты да еўрапейскага насельніцтва, робячы маладых людзей галоўнымі героямі еўрапейскай палітыкі і падтрымліваючы палітыку, засяроджаную на чалавеку, сям’і і супольнасці”, - адзначыў арцыбіскуп Люксембургскі.
Мэтсола, жонка і маці чацвярых дзяцей, – самая маладая глава Еўрапарламента ў гісторыі і трэцяя жанчына на гэтай пасадзе пасля Сімоны Вэйль (1979-1982) i Ніколь Фантэн (1999-2002). У 2020 г. яна была віцэ-старшынёй Еўрапарламента і каардынатаркай яго дыялогу з Касцёламі, рэлігіямі і неканфесійнымі арганізацыямі.
11 студзеня 2022 г. Мэтсола стала часовай старшынёй парламента пасля смерці Давіда Сасолі. “Як старшыня я ўшаную Давіда Сасолі, баронячы Еўропу, нашы супольныя дэмакратычныя каштоўнасці, годнасць, справядлівасць, салідарнасць, роўнасць, вяршэнства закона і асноўныя правы”, - запэўніла палітык пасля абрання, якое адбылося ў 43-ці дзень яе нараджэння.
Новаабраная старшыня Еўрапарламента падчас сваіх папярэдніх выступленняў выказвалася ў падтрымку сямейнай палітыкі, якая, на яе думку, сфарміруе будучыню Еўропы.
Ппадчас удзелу ў маі 2021 года ў экуменічнай малітве, арганізаванай Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК), яна адзначыла важнасць удзелу Цэркваў у канферэнцыі аб будучыні Еўропы, якая працягваецца з 9 мая 2021 года. У рамках гэтай акцыі Еўрапарламент, Савет Еўропы і Еўракамісія абавязаліся прыслухацца да еўрапейцаў і выконваць іх рэкамендацыі ў межах сваёй кампетэнцыі. Чакаецца, што да вясны 2022 года Канферэнцыя сфармулюе высновы і кіруючыя прынцыпы для будучыні Еўропы.