ҽ

Святы Айцец: рамесніцтва ўпрыгожвае свет і стварае мір

У час войнаў і гвалту праца рамеснікаў суцяшае і дае надзею. Упрыгожваць свет – значыць будаваць мір, - адзначыў Папа падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі італьянскай Канфедэрацыі рамесніцтва і малога і сярэдняга бізнесу, якая прайшла ў Ватыкане 15 лістапада 2024 года.

Марыя Валодзіна - Pope

“Рамесніцтва мне вельмі блізкае, бо яно добра адлюстроўвае каштоўнасць чалавечай працы. Калі мы ствараем нешта сваімі рукамі, мы адначасова выкарыстоўваем розум і ногі: праца заўсёды з’яўляецца вынікам думкі і руху да іншых”, - сказаў Папа, дадаючы, што рамеснік – гэта супрацоўнік Божага творчага замыслу, бо ён “здольны ўбачыць у інэртным матэрыяле пэўную форму, якую іншыя не заўважаюць”. “Нам патрэбны ваш талент, каб вярнуць чалавечай дзейнасці яе сэнс і накіраваць яе на служэнне агульнаму дабру”, - звярнуўся да гасцей Францішак.

Святы Айцец нагадаў евангельскую прыпавесць пра таленты (Мц 25, 14-30), у якой два слугі памножылі свае таленты, а трэці з-за страху і ляноты схаваў свой талент у зямлю. На яго думку, гэтая прыпавесць – гімн даверу да Бога і заклік да здаровага, пазітыўнага саўдзелу ў Божым замысле. Папа заклікаў рамеснікаў пакінуць страх і навучыцца давяраць, усведамляючы, што нашыя поспехі – гэта не толькі вынік нашых здольнасцяў або заслуг. “Гэта таксама плён гісторыі кожнага з нас, гэта плён многіх людзей, якія навучылі нас ісці наперад у жыцці, пачынаючы з бацькоў”, - заўважыў Францішак.

Папа нагадаў, што, ствараючы прыгожыя рэчы, рамеснікі ўпрыгожваюць свет. У час войнаў і гвалту праца рамесніка суцяшае і дае надзею. “Упрыгожваць свет – значыць будаваць мір”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы падумаць пра тое, што ў Італіі інвестыцыі ў зброевую індустрыю, у смерць, прыносяць найбольшы прыбытак.

Спасылаючыся на энцыкліку аб братэрстве, Пантыфік адзначыў, што міратворцы – гэта рамеснікі, здольныя з вынаходлівасцю і смеласцю ініцыяваць працэсы аднаўлення і сустрэчы (Fratelli tutti, 225). “Такая ж вынаходлівасць і адвага ёсць і ў вашай працы, якая заклікана ўпрыгожваць свет. Бог заклікае ўсіх людзей працаваць так жа, як і Ён, працаваць над Яго вялікім праектам міру”, - сказаў Папа.

Напрыканцы прамовы Францішак падзякаваў рамеснікам за іх творчасць і сацыяльную адказнасць і заклікаў іх натхняцца прыкладам святога Юзафа, каб “жыць працай з творчасцю і запалам”.

15 лістапада 2024, 11:50