Святы Айцец: служэнне можа быць стылем жыцця
Аляксандр Панчанка - Pope
7 лістапада 2024 года Францішак прыняў у Ватыкане дэлегацыю корпуса Матэрыяльнага забеспячэння і транспартных войск Італіі (Arma Trasporti e Materiali dell’Esercito Italiano). Аўдыенцыя адбылася з нагоды 70-годдзя абвяшчэння святога Крыштафа нябесным апекуном гэтага роду ўзброеных сіл, якое здзейсніў 4 лістапада 1954 года Папа Пій ХІІ.
Патрэба ў боскай абароне і натхненні звыш
“Я радуюся таму, што адзін з вайсковых карпусоў папрасіў і атрымаў патранат святога мучаніка, які аддаў жыццё, каб сведчыць ад Хрысце. Гэта ў першую чаргу азначае, што не існуе такой прафесіі ці жыццёвага стану, якія б не патрабавалі ўкаранёнасці ў сапраўдных каштоўнасцях і боскай абароны”, - сказаў Пантыфік.
“Сапраўды, можна сказаць, што чым больш прафесія чалавека прадугледжвае магчымасць выратаваць або страціць жыццё, несці падтрымку, дапамогу і абарону, тым больш яна мае патрэбу ў высокім этычным кодэксе і натхненні, якое чэрпаецца звыш”, - дадаў Святы Айцец.
Клопат пра годнасць кожнага чалавека
Францішак заўважыў, што мець у апекунах святога і ганарыцца гэтым, значыць, служачы Айчыне, браць на сябе абавязак ставіць на першае месца годнасць кожнага чалавека, які з’яўляецца вобразам самаго Стварыцеля. Гаворка ідзе пра стыль, які характарызуецца абаронай самых слабых і тых, хто знаходзіцца ў небяспецы з прычыны войнаў, прыродных катастроф ці пандэмій.
Прызнанне патрэбы ў Божай дапамозе
Папа адзначыў, што ўшаноўваць нябеснага апекуна значыць прызнаваць, што не дастаткова толькі прафесіяналізму, пачуцця абавязку і самаахвярнасці, але трэба таксама прасіць аб ласцы з Неба, неад’емнай для лепшага выканання місіі. “Гэта значыць прызнаваць, што мы не ўсемагутныя, што не ўсё ў нашых руках і мы маем патрэбу ў Божай ласцы”, - дадаў Святы Айцец.
Служэнне – стыль жыцця
Пантыфік нагадаў, што вайскоўцы прымаюць удзел у міратворчых і гуманітарных аперацыях, барацьбе з наступствамі прыродных катаклізмаў і іншых надзвычайных сітуацый, а пасля завяршэння тэрміну вайсковай службы, працягваюць займацца валанцёрскай дзейнасцю, даючы сведчанне пра тое, што гатоўнасць служыць з’яўляецца рысай іх жыцця.
“Крыштаф значыць “той, хто нясе Хрыста”. Калі вы не шкадуючы сіл штодзённа прысвячаеце сябе працы ў вашых падраздзяленнях, калі прыходзіце на дапамогу народам, што пацярпелі ад прыродных катаклізмаў ці ўзброеных канфліктаў, вы, нават не ведаючы гэтага, у пэўным сэнсе з’яўляецеся носьбітамі стылю Хрыста, які прыйшоў, каб служыць, а не каб служылі Яму”, - запэўніў італьянскіх вайскоўцаў Папа.