Францішак заклікаў маліцца за ахвяр войнаў і прыродных катастроф
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак распачаў свой зварот са слоў падтрымкі народу Чада, які нядаўна перажыў цяжкі тэрарыстычны напад. Ён таксама выказаў спачуванне пацярпелым ад паводак у гэтай краіне і на Іберыйскім паўвостраве, асабліва ў Валенсіі, дзе праз буру DANA загінулі і пацярпелі многія людзі.
Бог падтрымлівае тых, хто пакутуе, і тых, хто прыходзіць на дапамогу
"Мы павінны маліцца за ўсіх пацярпелых, за іх сем'і і за тых, хто страціў сваіх блізкіх", - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў да салідарнасці з пацярпелымі. Ён асабліва адзначыў ролю ратавальнікаў і валанцёраў, якія нястомна працуюць, каб дапамагчы людзям у бядзе.
Пасля гэтага Пантыфік цёпла павітаў паломнікаў з розных краін, сем'і, парафіяльныя групы, асацыяцыі і школьнікаў. Асаблівае прывітанне ён накіраваў удзельнікам Забегу Святых, арганізаванага Фондам місій Дона Боска.
Вайна – гэта трыумф хлусні і падману
Асаблівую ўвагу Папа надаў сітуацыі ў краінах, якія пакутуюць ад войнаў. "Браты і сёстры, вайна – гэта заўсёды паразa, заўсёды! І гэта ганебна, бо гэта трыумф хлусні, падману: шукаюць максімальнай выгады для сябе і максімальнай шкоды для праціўніка, топчучы чалавечыя жыцці, навакольнае асяроддзе, інфраструктуру", - падкрэсліў Пантыфік.
З болем у сэрцы Святы Айцец успомніў пра 153 жанчын і дзяцей, забітых у апошнія дні ў Газе. Ён заклікаў маліцца за Украіну, Палесціну, Ізраіль, Ліван, М'янму, Судан і ўсе народы, якія пакутуюць ад войнаў.
Не забывайцеся маліцца за памерлых
Напрыканцы Папа нагадаў пра набліжэнне Дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў і паведаміў, што 2 лістапада 2024 года ён будзе цэлебраваць святую Імшу на могілках Лаўрэнціна ў Рыме. Ён заахвоціў вернікаў наведаць магілы сваіх блізкіх і падкрэсліў, што Эўхарыстыя з'яўляецца найлепшай малітвай за душы памерлых.