Пантыфік: сапраўдная ўлада – гэта служэнне і самаахвярнасць
Аляксандр Панчанка - Pope
Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра Бедную ўдаву (Мк 12,38-44), прызначаную на ХХХІІ Звычайную нядзелю, заўважаючы, што ў ёй Езус асуджае крывадушныя паводзіны некаторых кніжнікаў.
Францішак нагадаў, што кніжнікам было “даручана важнае заданне: яны чыталі, перапісвалі і тлумачылі Пісанні”, у сувязі з чым карысталіся вялікай пашанай у людзей. Але нягледзячы на вонкавую прыстойнасць, “іх паводзіны часта не адпавядалі таму, чаму яны вучылі”. Некаторыя з гэтых людзей, карыстаючыся сваім прэстыжам і ўладай, глядзелі на іншых “зверху ўніз”, паводзілі сябе ганарыста, прысвойвалі сябе прывілеі і нават ішлі на адкрыты крадзеж на шкоду найслабейшым, такім як удовы.
“Замест таго, каб выкарыстоўваць адказнасць, ускладзеную на іх, для служэння іншым, яны ператварылі яе ў прыладу высакамернасці і маніпулявання... І здаралася так, што нават малітва для іх пераставала быць момантам сустрэчы з Панам, але магчымасцю для дэманстравання ўласнай рэспектабельнасці і прытворнай пабожнасці, карыснай для прыцягнення ўвагі людзей і атрымання ўхвалення”, - заўважыў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што кніжнікі “паводзілі сябе як карумпаваныя асобы, што сілкавалі сацыяльную і рэлігійную сістэму, для якой лічылася нормай здабываць выгаду за спінай іншых, асабліва самых безабаронных, здзяйсняючы несправядлівасць і застаючыся беспакаранымі”.
“Езус раіць трымацца далёка ад такіх людзей, асцерагацца іх, не рабіць як яны. Больш за тое, сваім словам і прыкладам, як мы ведаем, Ён вучыць зусім іншаму адносна ўлады. Езус кажа пра яе ў паняццях самаахвярнасці і пакорнага служэння, матчынай і бацькоўскай ласкавасці ў адносінах да людзей, асабліва да найбольш патрабуючых. Ён заклікае тых, хто надзелены ўладай глядзець на іншых з пазіцыі сваёй пасады не для таго, каб прыніжаць іх, але, каб уздымаць, даючы ім надзею і дапамогу”, - сказаў Папа.
“Таму мы можам спытацца ў сябе: як я захоўваю сябе ў сферах сваёй адказнасці – дзейнічаю з пакорай ці хвалюся пасадай? Ці адношуся да людзей з шчодрасцю і павагай або паводжу сябе з імі груба і аўтарытарна? А з найбольш уразлівымі людзьмі – ці станаўлюся блізкім да іх, ці здольны нахіляцца, каб дапамагчы ім падняцца?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец.
“Няхай Панна Марыя дапаможа нам змагацца са спакусай крывадушнасці ў сабе, рабіць дабро непрыкметна і проста”, - пажадаў Пантыфік перад марыйнай малітвай.