Францішак маліўся за памерлых на Лаўрэнтыйскіх могілках
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Лаўрэнтыйскія могілкі, якія займаюць плошчу 21 гектар, з'яўляюцца адным з найбуйнейшых месцаў пахавання ў Рыме пасля Фламінійскіх могілак і Кампа Верана. Гэта камунальныя могілкі, размешчаныя ўздоўж Віа Лаўрэнтына ў паўднёвай частцы Вечнага горада, былі кансэкраваныя кардыналам Каміла Руіні 9 сакавіка 2002 года.
Свой візіт Святы Айцец пачаў з наведвання Саду Анёлаў – асаблівага месца, дзе пахаваны ненароджаныя дзеці. Гэта паўтарэнне жэсту 2018 года, калі Пантыфік упершыню наведаў гэты некропаль. Перад пачаткам літургічных урачыстасцей Папа меў магчымасць сустрэцца з мэрам Рыма Раберта Гуалцьеры, які таксама прысутнічаў на літургіі.
Эўхарыстычнай цэлебрацыі старшынстваваў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна. Асаблівым момантам літургіі стала хвіліна маўчання пасля чытанняў.
Напрыканцы святой Імшы Папа ўзначаліў малітву за ўсіх памерлых, а таксама за ўсіх, хто пакутуе ад іх смерці. Затым ён удзяліў апостальскае благаслаўленне.
У 2023 годзе Францішак выбраў для малітвы за памерлых рымскія ваенныя могілкі ў раёне Тэстачыа. Менавіта там, стоячы перад магіламі загінулых у войнах, ён выступіў з моцным заклікам супраць узброеных канфліктаў, падкрэсліўшы, што "войны заўсёды з'яўляюцца паражэннем чалавецтва".
На працягу свайго пантыфікату Францішак наведаў шэраг значных месцаў пахавання ў Рыме і яго ваколіцах. У 2017 годзе ён маліўся на амерыканскіх ваенных могілках у Нетуна, а ў 2021 годзе – на французскіх могілках у Рыме. Асаблівымі былі візіты ў Катакомбы Прысцылы ў 2019 годзе і на нямецкія могілкі пры Папскай калегіі Санта Марыя на Кампасанта Тэўтоніка ў 2020 годзе.