Пантыфік: Марыя вучыць паслухмянасці натхненням Святога Духа
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак заўважыў, што сярод розных сродкаў, якімі Святы Дух здзейсняе сваю справу асвячэння Касцёла, такіх як Божае слова, сакрамэнты і малітва, ёсць яшчэ адзін, вельмі асаблівы – марыйная пабожнасць.
“У каталіцкай традыцыі ёсць дэвіз – Ad Iesum per Mariam, гэта значыць Да Езуса праз Марыю. Багародзіца дапамагае нам бачыць Езуса. Яна заўсёды расчыняе дзверы! Багародзіца – гэта Маці, якая за руку вядзе нас да Езуса. Багародзіца ніколі не ўказвае на саму сябе, Яна ўказвае на Езуса. Марыйная пабожнасць заключаецца ў гэтым: прыйсці да Езуса, трымаючы за руку Багародзіцу”, - сказаў Пантыфік.
Марыя – чысты ліст, на якім мог пісаць Бог
Папа нагадаў словы, якія апостал Павел казаў пра хрысціянскую супольнасць: “Вы – Ліст Хрыстовы дзякуючы нашаму служэнню. Ліст, напісаны не чарніламі, але Духам жывога Бога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў” (2 Кар 3,3).
“Марыя, паколькі з’яўляецца першай вучаніцай і вобразам Касцёла, таксама з’яўляецца Лістом, напісаным Духам жывога Бога. Менавіта таму Яе могуць "ведаць і чытаць усе людзі", нават тыя, хто не чытае тэалагічныя кнігі, тыя "малыя", якім, як сказаў Езус, адкрыты таямніцы Валадарства, схаваныя ад мудрых (пар. Мц 11,25)”, - падкрэсліў Францішак.
Пантыфік падкрэсліў, што праз сваю згоду падчас Звеставання Марыя стала быццам воскавая табліца або чысты ліст, на якім Бог мог пісаць усё, што хацеў. Ён падкрэсліў, што паслухмянасць Марыі ўяўляе сабой вяршыню рэлігійнага захавання перад Богам. “Марыя – гэта тая, якая сказала “так” Богу і сваім прыкладам і заступніцтвам заахвочвае таксама і нас казаць “так” Яму, кожны раз, калі апынаемся перад патрэбай праявіць паслухмянасць ці пераадолець выпрабаванне”, - сказаў Папа.
Касцёл пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім
“У кожную эпоху сваёй гісторыі, асабліва ў гэты момант, Касцёл знаходзіцца ў сітуацыі, у якой хрысціянская супольнасць знаходзілася назаўтра пасля Унебаўшэсця Езуса. Касцёл павінен абвяшчаць Евангелле ўсім народам, але чакае “моцы звыш”, каб гэта рабіць. І давайце не будзем забываць, што ў той момант, як кажа кніга Дзеяў Апосталаў, вучні сабраліся вакол “Марыі, Маці Езуса” (Дз 1,14)”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што ў Вячэрніку знаходзіліся і іншыя жанчыны, але прысутнасць Марыі была адрознай і выключнай. “Паміж Ёй і Святым Духам існуе адзіная і вечна непарушная сувязь, якой з’яўляецца сама асоба Хрыста, які быў “зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі” (Сімвал веры). Евангеліст Лука наўмысна падкрэслівае паралель паміж сашэсцем Святога Духа на Марыю ў час Звеставання і Яго сашэсцем у дзень Пяцідзясятніцы, выкарыстоўваючы некаторыя аднолькавыя вобразы ў абодвух выпадках”, - патлумачыў Папа.
Марыя вучыць паслухмянасці натхненням Бога
Пантыфік нагадаў словы святога Францішка Асізскага, які казаў пра Панну Марыю, як пра “дачку і слугу Найвышэйшага Валадара Нябеснага Айца, Маці Найсвяцейшага Пана Езуса Хрыста, нявесту Святога Духа!”. “Выключную сувязь Марыі са Святой Тройцай нельга было адлюстраваць прасцейшымі словамі”, - сказаў Папа.
“Як і ўсе вобразы, гэты вобраз “нявесты Святога Духа” таксама нельга абсалютызаваць, але трэба прыняць тую праўду, якую ён утрымлівае, і гэта вельмі прыгожая праўда. Марыя з’яўляецца нявестай, але яшчэ раней – вучаніцай Святога Духа. Навучымся ад Яе быць паслухмянымі натхненням Святога Духа, асабліва калі Ён падказвае нам “паспяшыць” на дапамогу камусьці, хто мае ў нас патрэбу, як зрабіла Яна адразу пасля таго, як Анёл адышоў ад Яе” (пар. Лк 1,39)”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.