ҽ

Папа кананістам: стаўцеся да людзей па справядлівасці і з любоўю

Грунтаваць сваё касцёльнае служэнне на трох стаўпах – справядлівасці, любові і праўдзе, заклікаў Францішак навучэнцаў падрыхтоўчых курсаў, арганізаваных Трыбуналам Рымскай Роты.

Марыя Валодзіна - Pope

23 лістапада 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў семінара Рымскай Роты на тэму Ministerium Iustitiae et Caritatis in Veritate, на якім разглядаліся юрыдычныя і пастырскія выклікі, звязаныя з сужэнствам і сям'ёй. ()

Францішак распачаў прамову, цытуючы свайго папярэдніка: “Любоў у праўдзе, якую засведчыў Езус Хрыстус сваім зямным жыццём і перадусім сваёй смерцю і ўваскрасеннем, з’яўляецца асноўнай вядучай сілай сапраўднага развіцця кожнай асобы i ўсяго чалавецтва. Любоў – caritas – гэта надзвычайная сіла, якая заахвочвае людзей адважна i ахвярна ўдзельнічаць у справе справядлівасці i спакою. Гэтая сіла бярэ свой пачатак у Богу – спрадвечнай Любові i абсалютнай Праўдзе”. (Бэнэдыкт XVI, энцыкліка Caritas in veritate)

Папа адзначыў, што гэтыя тры элементы – любоў, справядлівасць і праўда – непарыўна звязаны паміж сабой, і кананісты пакліканы штодзённа рэалізоўваць іх на службе вернікам. "Трэба любіць усе тры адначасова, бо яны ідуць разам, і калі адной не хапае, іншыя губляюць сваю аўтэнтычнасць. Сапраўды, наш узор – гэта Езус Хрыстус, праўдзівы, справядлівы і міласэрны”, - сказаў Пантыфік.

Няма справядлівасці без любові і наадварот

На думку Святога Айца, “нельга аддзяліць справядлівасць ад любові, як і любоў ад справядлівасці”. Справядлівасць – гэта фундаментальная цнота, якая забяспечвае кожнаму яго правы. Аднак ні ў адной чалавечай супольнасці, тым больш у Касцёле, недастаткова проста прытрымлівацца правоў. Неабходна ісці далей, кіруючыся міласэрнасцю і клопатам пра бліжняга. Папа заклікаў касцёльных юрыстаў “пазбягаць халоднай справядлівасці” і не забывацца, што той, хто звяртаецца да іх, “павінен заўсёды сустрэць аблічча нашай Маці, Святога Касцёла, які з пяшчотай любіць усіх сваіх дзяцей”.

Спасылаючыся на словы Бэнэдыкта XVI, Францішак падкрэсліў, што міласэрнасць нельга ўявіць без справядлівасці. Хоць міласэрнасць перавышае справядлівасць, бо яна звязана з ахвяраваннем сябе іншым, яна заўсёды павінна грунтавацца на справядлівасці. Нельга падарыць іншаму нешта сваё, не даўшы яму спачатку тое, што яму належыць па праву. Папа заклікаў гасцей развіваць “юрыдычную адчувальнасць” – не проста выкананне абавязковых фармальнасцей, а прызнанне сапраўдных правоў асобы ў Касцёле і ўзорная павага да іх бясконцай годнасці.

Пантыфік заклікаў кананістаў пераадолець непатрэбныя страхі, асабліва страх таго, што справядлівасць можа негатыўна паўплываць на міласэрнасць. Сапраўдная сутнасць справядлівасці зусім іншая – гэта альтруістычная цнота, накіраваная на дабро іншага. “Калі ж гэты іншы можа (і часам павінен) патрабаваць павагі да сваіх правоў, гэта прадугледжвае аб'ектыўнасць належнага. Як служыцелі правасуддзя вы маеце вельмі важную задачу: садзейнічаць высвятленню таго, якія правы і абавязкі маюць вернікі і як гэтыя правы абараняць, у тым ліку з дапамогай судовых працэсаў, калі яны неабходныя для дабра Касцёла і ўсіх яго членаў”, - зазначыў Францішак.

Міласэрнасць – архітраў касцёльнага жыцця

Папа заклікаў касцёльных юрыстаў не баяцца любові і міласэрнасці як яе характэрнага выражэння. Міласэрнасць не адмяняе справядлівасць, не рэлятывізуе правы, не можа быць апраўданнем для невыканання правасуддзя. Напрыклад, нельга апраўдваць аслабленне патрабаванняў справядлівасці ў сужэнскіх працэсах імкненнем да блізкасці і хуткасці. Міласэрнасць не адмяняе справядлівасць, а наадварот падштурхоўвае да больш далікатнага яе ажыццяўлення ў выніку спачування пакутам бліжняга. “Міласэрнасць - гэта архітраў, на якім трымаецца жыццё Касцёла. Усё ў яго пастырскай дзейнасці павінна быць прасякнута пяшчотай да вернікаў; нішто з яго абвяшчэння і сведчання не можа быць пазбаўлена міласэрнасці. Давер да Касцёла будуецца з дапамогай міласэрнай і спагаднай любові", - нагадаў Святы Айцец.

Роля праўды

Святы Айцец нагадаў пра сувязь міласэрнасці і справядлівасці з праўдай. Спасылаючыся на энцыкліку Бэнэдыкта XVI Caritas in veritate, ён падкрэсліў, што “толькі ў праўдзе любоў яснее бляскам i можа праўдзіва перажывацца. Праўда з’яўляецца святлом, якое надае сэнс і вартасць любові. Гэтае святло ёсць святлом розуму і веры, дзякуючы якому розум прыходзіць да прыроднай і звышпрыроднай праўды любові: адкрывае сэнс яе дару, прыняцця і еднасці. Без праўды любоў заканчваецца сентыментальнасцю, становіцца пустой абалонкай, якую можна адвольна напоўніць. У культуры без праўды існуе небяспека скажэння любові”.

Надзея на будучыню

Напрыканцы прамовы Францішак нагадаў пра надыходзячы Святы год і заклікаў усіх касцёльных служыцеляў працаваць у духу надзеі. "Дазволім ужо цяпер надзеі захапіць нас і праз нас перадацца ўсім, хто яе прагне”, - заклікаў Папа касцёльных юрыстаў.

23 лістапада 2024, 11:43