Папа да ўдзельнікаў COP29 у Баку: спісаць даўгі бедных краін
Марыя Валодзіна - Pope
11 лістапада 2024 года ў Баку стартаваў саміт па клімату COP29, у якім прымае ўдзел больш за 50 тысяч чалавек. У сваім пасланні Папа заклікаў багатыя дзяржавы ўзяць на сябе гістарычную адказнасць, стварыць новую міжнародную фінансавую архітэктуру і спісаць даўгі бедных краін. На яго думку, гэта пытанне справядлівасці, а не шчодрасці.
Захаваць прыроду і мір
У пасланні адзначаецца, што сёння, як ніколі, неабходна спыніць разбурэнне прыроды і абараніць навакольнае асяроддзе. Навуковыя даныя пераканаўча сведчаць аб тым, што часу больш няма. “Захаванне тварэння з'яўляецца адным з самых надзённых пытанняў нашага часу. Мы таксама павінны прызнаць, што яно цесна звязана з захаваннем міру", - напісаў Пантыфік.
COP29 адбываецца ў атмасферы нарастаючага расчаравання ў шматбаковай сістэме і ўзрастаючых тэндэнцый “будаўніцтва муроў”. “Эгаізм – індывідуальны, нацыянальны і ўладных груп – сілкуе атмасферу недаверу і падзелу, якая не адпавядае патрэбам узаемазалежнага свету, у якім неабходна дзейнічаць і жыць як члены адной сям'і ў адной узаемазвязанай глабальнай вёсцы”, - папярэдзіў Папа.
Культура павагі да жыцця і чалавечай годнасці
У пасланні падкрэсліваецца, што эканамічны прагрэс не вырашыў праблему няроўнасці. Наадварот, ён узмацніў прыярытэт прыбытку і асабістых інтарэсаў за кошт слабейшых і прывёў да пагаршэння экалагічных праблем. Каб супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям Святы Пасад заклікае стварыць культуру павагі да жыцця і годнасці кожнага чалавека. Неабходна асэнсаваць, што згубныя наступствы сучаснага ладу жыцця ўплываюць на ўсіх, і разам стварыць справядлівую і ўстойлівую будучыню для ўсіх, а не для абароны інтарэсаў некаторых краін. Папа заклікаў да канкрэтных і перспектыўных абавязацельстваў дзеля будучыні, да неадкладнага стварэння новай калектыўнай колькаснай мэты ў галіне кліматычнага фінансавання.
Знешні доўг і экалагічны доўг – два бакі аднаго медаля
Многія краіны ўжо і так абцяжараныя цяжкімі эканамічнымі абавязацельствамі. Неабходна "прыкласці ўсе намаганні для пошуку рашэнняў, якія б не ставілі пад пагрозу іх далейшае развіццё і адаптыўнасць". "Пры абмеркаванні кліматычнага фінансавання важна памятаць, што экалагічны доўг і знешні доўг – гэта два бакі аднаго медаля, якія закладваюць у іпатэку будучыню", - нагадаў Папа Францішак.
Новая міжнародная фінансавая архітэктура
Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць стварэння новай міжнароднай фінансавай архітэктуры, "смелай, творчай і заснаванай на прынцыпах раўнапраўя, справядлівасці і салідарнасці", але, перш за ўсё, "арыентаванай на чалавека". “Мы павінны зноў здабыць надзею на здольнасць чалавецтва верыць у тое, што заўсёды ёсць выйсце, што мы заўсёды можам змяніць кірунак нашых крокаў, што мы заўсёды можам нешта зрабіць для вырашэння нашых праблем”, - гаворыцца ў пасланні.
Папа выказаў гатоўнасць Святога Пасада і далей падтрымліваць гэтыя намаганні, асабліва ў галіне інтэгральнай экалагічнай адукацыі і заклікаў кожнага ўзяць на сябе асабістую адказнасць за ахову навакольнага асяроддзя. “Сёння няма часу для абыякавасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.