ҽ

Пантыфік: пазбаўленне дзяцей будучыні – гэта культурны генацыд

У складаны перыяд культурнага пераходу, які перажывае чалавецтва, Касцёл павінен задзейнічаць увесь патэнцыял сваёй вялікай культурнай і інтэлектуальнай спадчыны, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Pope

21 лістапада 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў першага пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Гэта ватыканская структура ўзнікла ў выніку нядаўняй рэформы Рымскай курыі на падставе аб’яднання двух устаноў: Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі і Папскай рады па культуры. Францішак падкрэсліў, што аб’яднанне было здзейснена не дзеля “эканамічнай рацыяналізацыі”, а з разуменнем важнасці дыялогу паміж культурай і адукацыяй.

Святы Айцец заўважыў, што сучаснаму свету не патрэбны “самнамбулічныя паўтарацелі таго, што ўжо ёсць”, але “новыя харэографы, новыя інтэрпрэтатары рэсурсаў, якія чалавечая істота носіць у сабе, новыя сацыяльныя паэты”. Выхаваўчыя мадэлі не павінны быць “фабрыкамі вынікаў”, але культурным праектам, “што дазволіць выхоўваць людзей, здольных дапамагчы свету перагарнуць старонку, выкараніць няроўнасць, эндэмічную беднасць і адчужэнне”.

“Паталогіі сучаснага свету – не фатальнасць, з якой мы павінны пасіўна мірыцца, ці, тым больш, якую павінны з камфортам прымаць. Школы, універсітэты, культурныя цэнтры павінны вучыць нас жадаць, прагнуць, марыць, бо, як нагадвае нам Другое пасланне святога Пятра, мы “чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць” (3,13), - сцвердзіў Папа, заклікаючы Дыкастэрыю па культуры і адукацыі менавіта ў святле гэтых слоў аналізаваць уласныя праекты, а таксама мець высокія чаканні, не звязаныя з імкненнем да поспеху ў вачах свету, прабываннем у рэйтынгах ці самазахаваннем.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей разумець уласную місію ў адукацыйнай і культурнай сферах, як пакліканне пашыраць гарызонты, напаўняць жыццёвай сілай, вызваляць месца для новых магчымасцей, спрыяць дзяленню здольнасцямі і талентамі, натхняць выхавацеляў і творчаў быць шчодрымі.

“Мы не маем прычын паддавацца страху. Перш за ўсё, таму што Хрыстус – наш кіраўнік і спадарожнік на шляху. Па-другое, таму што мы з’яўляемся захавальнікамі культурнай і адукацыйнай спадчыны, якая значна большая за нас саміх. Мы спадкаемцы глыбінь мыслення Аўгусціна. Мы спадкаемцы паэзіі Эфрэма Сірыйца. Мы спадкаемцы школ катэдральных сабораў і тых, хто стварыў універсітэты. Мы спадкаемцы Тамаша Аквінскага і Эдыты Штайн. Мы спадкаемцы народа, які замаўляў творы Беата Анджэліка і Моцарта, а ў менш даўнія часы – Марка Ротка і Аліўе Месіяна. Мы спадкаемцы мастакоў і мастачак, якія натхняліся таямніцамі Хрыста. Мы спадкаемцы мудрых навукоўцаў, такіх як Блез Паскаль. Адным словам, мы спадкаемцы адукацыйнага і культурнага запалу многіх святых мужчын і жанчын”, - нагадаў Папа.

“Акружаныя такім мноствам сведкаў, давайце пазбавімся ўсялякага цяжару песімізму. Аб’яднаемся з усімі сіламі, каб вызваліць чалавецтва ад ценю нігілізму – магчыма, самай небяспечнай язвы сучаснай культуры, бо менавіта яна спрабуе сцерці надзею”, - падкрэсліў ён.

“Дазвольце мне падзяліцца сакрэтам: часам я адчуваю моцнае жаданне крыкнуць на вуха нашай гістарычныя эпосе: “Не забывайцеся на надзею!”. Я разлічваю на вас, каб будучы Юбілейны год, які ўжо блізка, стаў магутным рэхам гэтага крыку. Трэба столькі зрабіць! Цяпер самы час закасаць рукавы і дзейнічаць”, - заахвоціў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што ў наш час у свеце налічваецца найбольшая колькасць школьнікаў у гісторыі, але ў той жа час каля 250 мільёнаў дзяцей і падлеткаў не ходзяць у школу. “Змяніць гэту сітуацыю – маральны імператыў. Культурны генацыд адбываецца не толькі праз знішчэнне гістарычнай спадчыны; культурны генацыд, гэта калі мы крадзем будучыню ў дзяцей, калі не даем ім умоў, каб яны маглі стаць тымі, кім здольныя стаць”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы словы Антуана дэ Сент-Экзюперы, які казаў, што кожны бежанец, якога ён бачыў у перапоўненым вагоне цягніку, можа быць “забітым Моцартам”.

Папа пажадаў, каб каталіцкія ўніверсітэты засяродзілі ўвагу таксама на вывучэнні выгод і небяспек лічбавага пераходу і распаўсюджвання штучнага інтэлекту. “Паўтараю: мы не павінны дазволіць пачуццю страху перамагчы. Памятайце, што складаныя культурныя пераходы часта аказваюцца найбольш плённымі і творчымі для развіцця чалавечага мыслення”, - сказаў Францішак.
 

21 лістапада 2024, 11:01