Францішак сустрэўся з былымі ізраільскімі заложнікамі
Аляксандр Панчанка - Pope
У аўдыенцыі, якая адбылася 14 лістапада 2024 года ў Папскай бібліятэцы ў Апостальскім палацы, бралі ўдзел шаснаццаць чалавек, сярод якіх дзесяць жанчын, чатыры мужчыны і двое дзяцей.
Адзін з гасцей падарыў Святому Айцу футбольную майку з імем Таля Шахама, сваяка, які быў выкрадзены разам з жонкай, дзецьмі, цёшчай і іншымі членамі сям’і, некаторыя з якіх былі вызвалены ў рамках часовага пагаднення аб спыненні агню паміж Хамасам і Ізраілем, заключанага пры пасрэдніцтве Катара, Егіпта і ЗША. Фотаздымак маладога чалавека, а таксама яго ўзрост (38 гадоў на момант выкрадання, 39 гадоў на цяперашні час) быў размешчаны таксама на плакатах, якія некаторыя прысутныя прынеслі на сустрэчу з Папам.
Таксама і іншыя ўдзельнікі сустрэчы паказалі Святому Айцу плакаты з выявамі сваіх блізкіх, іх імёнамі, узростам, надпісам Bring him home (Вярніце яго дамоў) і лагатыпам Hostage Missing Families Forum, арганізацыі якая аб’ядноўвае сем’і выкрадзеных год таму людзей. Францішак усклаў руку на кожны фотаздымак на знак сваёй малітвы і благаслаўлення.
Пасольства Ізраіля пры Апостальскай Сталіцы апублікавала кароткае паведамленне ў сацыяльнай сетцы X, называючы сустрэчу кранальнай і заўважаючы, што Папа прадэманстраваў сваю блізкасць і прыхільнасць справе вызвалення іншых заложнікаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў няволі ў Газе.