Папа возьме ўдзел у інаўгурацыі акадэмічнага года ў Грэгарыяне
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Гісторыя Грэгарыяны пачынаецца ў 1551 годзе, калі святы Ігнацый Лаёла заснаваў Рымскі калегіум. Сёння гэта найстарэйшы папскі ўніверсітэт, які працягвае традыцыі езуіцкай адукацыі і з'яўляецца адной з найбольш прэстыжных касцельных навучальных устаноў свету.
На працягу стагоддзяў універсітэт развіваўся і пашыраўся. Сёння ў яго структуру ўваходзяць шэсць факультэтаў, кожны з якіх мае сваю багатую гісторыю. Тэалагічны факультэт, заснаваны ў 1556 годзе, з'яўляецца адным з найстарэйшых у свеце. Следам за ім былі створаны факультэты філасофіі, кананічнага права, місіялогіі, гісторыі і культурнай спадчыны Касцёла, а таксама грамадскіх навук.
Асаблівую ўвагу ўніверсітэт надае даследаванням у галіне антрапалогіі, псіхалогіі і духоўнасці. Пры Грэгарыяне дзейнічаюць спецыялізаваныя цэнтры, якія займаюцца вывучэннем габрэйскай культуры, міжрэлігійнага дыялогу і ігнацыянскай духоўнасці. Важным напрамкам працы з'яўляецца падрыхтоўка фарматараў для святарства і кансэкраванага жыцця.
Сёння ў Грэгарыяне навучаецца амаль 3 тысячы студэнтаў з усіх кантынентаў. Рэктарам універсітэта з'яўляецца амерыканскі гісторык айцец Марк Льюіс. Цесная сувязь з Папскім біблійным і ўсходнім інстытутамі дазваляе ўніверсітэту захоўваць сваю ўнікальную ідэнтычнасць як цэнтра касцельнай навукі і адукацыі.