Францішак да Рымскай дыяцэзіі: лячыць раны горада
Марыя Валодзіна - Pope
Вечарам 25 кастрычніка 2024 года ў базіліцы святога Яна на Латэране прайшла асамблея Рымскай дыяцэзіі, прысвечаная пераадоленню няроўнасці. На сустрэчы, якую ўзначаліў Папа Францішак, прысутнічалі як рэлігійныя, так і свецкія ўлады, у тым ліку мэр Рыма Раберта Гуальцьеры, прадстаўнікі паліцыі і прэфектуры. Удзел прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій і ісламскай супольнасці падкрэсліў агульнае імкненне да справядлівасці і братэрства.
Неадкладнасць праблемы беднасці
У сваім звароце Папа заклікаў супольнасць несці Евангелле бедным, залечваць раны і сеяць зерне надзеі. Ён нагадаў, што "бедныя – гэта плоць Хрыста". Людзі, якія жывуць на вуліцы, маладыя людзі, якія не могуць знайсці працу ці жыллё, хворыя і састарэлыя, якія не маюць доступу да медыцынскай дапамогі, моладзь, якая пакутуе ад залежнасцяў, людзі, адзначаныя псіхічнымі пакутамі, якія жывуць у занядбанні ці роспачы – гэта не лічбы статыстыкі, сказаў Пантыфік.
“Гэта твары і гісторыі нашых братоў і сясцёр, яны павінны кранаць нас і кідаць нам выклік: што мы можам зрабіць? Ці бачым мы ў гісторыях гэтых параненых людзей твар пакутуючага Хрыста? Ці адчуваем мы праблему настолькі, каб узяць на сябе адказнасць за яе? Што мы можам зрабіць разам?" - спытаў Святы Айцец.
"Мы павінны адчуваць праблему беднасці як касцёльную неадкладнасць, якая становіцца абавязацельствам і адказнасцю для ўсіх, заўсёды. [...] Давайце будзем блізкімі да бедных, станем знакам Божай ласкі для іх!" - заахвоціў вернікаў Францішак.
Быць смелымі ў міласэрнасці
Францішак заклікаў вернікаў быць больш актыўнымі ў дабрачыннасці, пераадольваць "вірус абыякавасці", весці пастаянны дыялог з установамі і арганізацыямі. "Было б цудоўна, калі б сённяшняя сустрэча прывяла да нейкіх канкрэтных, вымяральных абавязацельстваў” па пераадоленню няроўнасці, пажадаў Папа. Ён падкрэсліў важнасць сацыяльнага вучэння Касцёла і заклікаў перакласці Евангелле ў канкрэтныя справы справядлівасці, міру і братэрства.
Несці надзею
У святле набліжаючагася Юбілейнага года Папа заахвоціў вернікаў не паддавацца роспачы і працягваць працу па паляпшэнні жыцця ў горадзе. Ён прывёў у прыклад ксяндза Луіджы Дзі Ліэгра, які “пасеяў першыя зярняты актыўнай валанцёрскай дзейнасці ў Рыме, разам з многімі свецкімі, якія пайшлі па яго слядах”.
"Мы павінны проста верыць у гэта", - падкрэсліў Папа, цытуючы паэта Шарля Пегі, які параўноўваў надзею з маленькай дзяўчынкай, здольнай перасякаць цэлыя светы.