Папа: аб’яднаць намаганні ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай грамадскаму выкарыстанню даброт, канфіскаваных у арганізаваных злачынных груповак, якая праходзіць 19-20 верасня 2024 года ў Папскай акадэміі сацыяльных навук.
Папа заўважыў, што барацьба з арганізаванай злачыннасцю – адзін з найважнейшых выклікаў для міжнароднай супольнасці, бо, разам з тэрарызмам, яна з’яўляецца самай значнай неваеннай пагрозай для кожнай краіны і стабільнасці міжнароднай эканомікі.
Святы Айцец пажадаў, каб развівалася міжнароднае супрацоўніцтва не толькі ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, але таксама ідэнтыфікацыі і канфіскацыі іх матэрыяльных даброт. Гэта будзе перашкаджаць яе злачыннай дзейнасці, а таксама стане кампенсацыяй за прычыненую шкоду і аднаўленнем агульнага дабра.
“Арганізаваная злачыннасць у сваёй жорсткасці дзейнічае супраць агульнага дабра; яна нападае на мільёны людзей, якія маюць права жыць сваім жыццём і расціць уласных дзяцей з годнасцю і ў свабодзе ад голаду і страху насілля, прыгнёту і несправядлівасці; яна здзяйсняе напад на сацыяльна маргіналізаваныя групы, найбольш уразлівыя на дзейнасць арганізаванай злачыннасці”, - напісаў Папа, заўважаючы, што нельга забываць гэтых ахвяр, бо толькі думаючы пра іх, можна асэнсаваць шкоду, нанесеную арганізаванай злачыннасцю, і толькі ўсведамляючы гэту шкоду, можна зразумець як дапамагаць, абараняць і аднаўляць, што з’яўляецца важнымі аспектамі для вырашэння канфліктаў і прымірэння.
Францішак адзначыў добры прыклад італьянскай мадэлі, якая прадугледжвае накіраванне даброт, канфіскаваных у мафіі, на кампенсацыю шкоды, якую яна наносіць ахвярам і грамадству, а таксама для аднаўлення агульнага дабра і прымірэнне.
“Будучы перакананым у неабходнасці цэласнага падыходу да барацьбы са злачыннасцю і ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва, я запрашаю вас засяродзіць увагу ў гэтыя дні на неадкладным аднаўленні дабра ўсіх людзей, мужчын і жанчын, дабра кожнага, бо кожны мае значэнне і ніхто не павінен быць спісаны ва ўтыль”, - адзначыў Папа, дадаючы, што супольны праект на службе годнасці чалавека пераўзыходзіць індывідуальныя інтарэсы кожнага.