Святы Айцец: моры і пустыні не павінны быць могілкамі
Аляксандр Панчанка – Pope
Святы Айцец прапанаваў замест традыцыйнай катэхезы, “падумаць пра людзей, якія ў гэты момант пераадольваюць моры і пустыні, каб дасягнуць зямлі, дзе змогуць жыць у міры і бяспецы”.
“Мора і пустыня: гэтыя два словы часта паўтараюцца ў шматлікіх сведчаннях, якія я атрымліваю, як ад мігрантаў, так і ад людзей, што намагаюцца дапамагаць ім. Калі я кажу “мора” ў кантэксце міграцыі, я маю на ўвазе таксама акіян, возера, раку, усе каварныя масы вады, якія браты і сёстры ў розных частках свету вымушаны пераадольваць, каб дасягнуць сваёй мэты. Пустыня ж – гэта не толькі пясок, дзюны ці скалы, але таксама ўсе тыя цяжкапраходныя і небяспечныя тэрыторыі, такія як лясы, джунглі, стэпы, дзе мігранты ідуць у адзіночку, пакінутыя самім сабе. Сённяшнія міграцыйныя маршруты часта пралягаюць праз моры і пустыні, якія для многіх, занадта многіх людзей, з’яўляюцца смяротна небяспечнымі. Таму я хачу сёння засяродзіцца на гэтай драме, гэтым болю. Некаторыя з гэтых маршрутаў мы ведаем лепш, таму што яны часта аказваюцца ў цэнтры ўвагі; іншыя, большасць – малавядомыя, але не менш ажыўленыя”, - зазначыў ён.
Францішак нагадаў, што вельмі часта казаў пра Міжземнамор’е, бо з’яўляецца Біскупам Рыма і таму што гэта месца эмблематычнае: mare nostrum (наша мора), месца камунікацыі паміж народамі і цывілізацыямі, ператварылася ў могілкі.
“І трагедыя заключаецца ў тым, што многія, большая частка з гэтых ахвяр, магла быць уратавана. Трэба выразна сказаць: ёсць тыя, хто сістэматычна і ўсякімі сродкамі выштурхоўвае мігрантаў, а гэта, калі здзяйсняецца з свядомасцю і адказнасцю, цяжкі грэх. Давайце не будзем забываць, што кажа Біблія: “Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго” (Зых 22,20). Сірата, удава і чужынец – гэта дасканалыя бедныя, якіх Бог заўсёды абараняе і просіць абараняць”, - дадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што могілкамі мігрантаў сталі таксама некаторыя пустыні. “Таксама і тут вельмі часта гаворка ідзе не пра памерлых па “натуральных” прычынах... Не. Часам ёсць тыя, хто прывёў іх у пустыню і пакінуў там. У эпоху спадарожнікаў і дронаў ёсць мужчыны, жанчыны і дзеці мігранты, якіх ніхто не павінен бачыць: іх хаваюць Толькі Бог бачыць іх і чуе іх вокліч”, - сказаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што мора і пустыня маюць вялікае сімвалічнае значэнне ў Бібліі. Яны займаюць важнае месца ў гісторыі Зыходу, вялікай міграцыі народа, які Бог вёў праз Майсея з Егіпта ў Абяцаную зямлю. Гэтыя месцы бачылі драму ўцёкаў народа, які бег ад прыгнёту і няволі. Гэта месцы пакут, страху, роспачы, а ў той жа час месцы пераходу да вызвалення, адкуплення, дасягнення свабоды і спаўнення Божых абяцанняў. Папа спаслаўся на некаторыя псальмы, падкрэсліваючы, што, суправаджаючы свой народ на шляху да свабоды, Бог сам пераадольвае моры і пустыні, не застаецца на аддаленасці, а раздзяляе драму мігрантаў, знаходзіцца побач з імі, пакутуе, плача і спадзяецца разам з імі.
“Браты і сёстры, ёсць адна рэч, адносна якой мы можам пагадзіцца ўсе: у гэтых смяротных морах і пустынях сённяшніх мігрантаў быць не павінна. Але мы дасягнём гэтага не праз самыя строгія законы, не праз мілітарызацыю межаў, не праз выштурхоўванне. Мы дасягнём гэтага, пашыраючы шляхі бяспечнага і законнага доступу для мігрантаў, спрашчаючы атрыманне прытулку для тых, хто ўцякае ад вайны, гвалту, пераследу і розных катаклізмаў; мы дасягнём яго, рознымі спосабамі спрыяючы глабальнаму кіраванню міграцыяй, заснаванаму на справядлівасці, братэрстве і салідарнасці; і яднаючы сілы ў змаганні з гандлем людзьмі, каб спыніць злачынных гандляроў людзьмі, якія бязлітасна выкарыстоўваюць беднасць іншых”, - адзначыў Францішак.
Папа выказаў падзяку шматлікімі “Добрым самаранінам”, якія намагаюцца дапамагаць і ратаваць мігрантаў, параненых і пакінутых на шляхах адчайнай надзеі на ўсіх пяці кантынентах. “Гэтыя адважныя мужчыны і жанчыны з’яўляюцца знакам чалавецтва, якое не дазваляе заразіць сябе культурай раўнадушша і адчужэння: мігрантаў забівае наша абыякавасць і адчужэнне. А тыя, хто не можа знаходзіцца разам з ім “на перадавой”, не выключаны з гэтай барацьбы за цывілізаванасць: ёсць і іншыя спосабы зрабіць свой унёсак, перш за ўсё малітва”, - дадаў ён.
“Дарагія браты і сёстры, давайце злучым сэрцы і сілы, каб моры і пустыні былі не могілкамі, а месцамі, дзе Бог можа адкрыць шлях свабоды і братэрства”, - пажадаў на заканчэнне сваёй прамовы Святы Айцец.