ҽ

Святы Айцец: псальмы – малітвы на ўсе часы

Псальмы дапамагаюць нам адкрыцца на малітву, менш засяроджаную на нас саміх: малітву праслаўлення, благаслаўлення, падзякі, - адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак заўважыў, што ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею ён заклікаў прысвяціць 2024 год “вялікай “сімфоніі” малітвы”. “Сённяшняй катэхезай я хацеў бы нагадаць, што Касцёл ужо мае сімфонію малітвы, кампазітарам якой з’яўляецца Святы Дух – гэта Кніга Псальмаў”, - сказаў ён.

“Як і кожная сімфонія, у ёй ёсць розныя часткі, гэта значыць розныя віды малітвы: праслаўлення, падзякі, просьбы, плачу, апавядання, мудрага разважання, як у асабістай форме, так і ў харальнай форме ўсяго народу. Гэта спевы, якія сам Дух уклаў у вусны Нявесты, свайго Касцёла. Я нагадваў у мінулы раз, што ўсе кнігі Бібліі натхнёныя Святым Духам, але Кніга Псальмаў яшчэ і ў тым сэнсе, што напоўнена паэтычным натхненнем”, - падкрэсліў Пантыфік.

Псальмы – малітва Езуса і Яго вучняў

Святы Айцец зазначыў, што псальмы займаюць “прывілеяванае месца ў Новым Запавеце”, і нават існуюць выданні, у якіх Новы Запавет і Псальмы змешчаны разам. Ён прызнаўся, што трымае на сваім пісьмовым стале менавіта такую кнігу на ўкраінскай мове, якая належала ўкраінскаму салдату, што загінуў на фронце.

Папа падкрэсліў таксама, што “не ўсе псальмы і не ўсё ў кожным псальме можа паўтарыць хрысціянін”, і тым больш сучасны чалавек, бо “часам яны адлюстроўваюць гістарычную сітуацыю і рэлігійны менталітэт, якія больш не з’яўляюцца нашымі”. “Гэта не значыць, што яны не натхнёныя Богам, але толькі тое, што ў некаторых аспектах яны звязаны з пэўным часам ці этапам Аб’яўлення”, - патлумачыў ён.

Францішак адзначыў, што псальмы з’яўляюцца важнымі, бо былі малітвай Езуса, Марыі, апосталаў і ўсіх пакаленняў хрысціян, якія папярэднічалі нам. “Калі мы чытаем іх, Бог слухае іх з той грандыёзнай “арынжыроўкай”, якую ўтварае еднасць святых. Езус, згодна з Пасланнем да Габрэяў, увайшоў у свет з радком псальма ў сэрцы: “Вось, іду, каб выканаць волю Тваю, Божа” (пар. Габ 10,7; Пс 40,9), а адышоў са свету, згодна з Евангеллем святога Лукі, з іншым радком на вуснах: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (Лк 23,46; пар. Пс 31,6)”, - нагадаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што пасля Новага Запавету псальмы выкарыстоўвалі таксама Айцы Касцёла і ўвесь Касцёл, зрабіўшы іх неад’емным элементам цэлебрацыі святой Імшы і Літургіі гадзін. “Усё Святое Пісанне дыхае дабрынёй Бога, але асабліва салодкая кніга Псальмаў”, - нагадаў ён словы святога Амброзія, заклікаючы вернікаў набыць звычку маліцца псальмамі.

Малітва на ўсе часы і сітуацыі

“Мы не можам жыць толькі спадчынай мінулага: неабходна зрабіць псальмы нашай малітвай. Напісана, што ў пэўным сэнсе, мы самі павінны стаць “аўтарамі” псальмаў, зрабіць іх нашымі, молячыся імі. Калі ёсць псальмы, ці толькі радкі з іх, якія прамаўляюць да нашых сэрцаў, карысна паўтараць іх і маліцца імі на працягу дня. Псальмы – гэта малітвы “на ўсе часы”: няма такога стану душы ці нястачы, якія б не знайшлі ў іх найлепшых слоў, каб ператварыць іх у малітву. У адрозненні ад усіх іншых малітваў, псальмы не губляюць плённасці ад паўтарэння, а павялічваюць яе. Чаму? – Бо яны натхнёныя Бога і “дыхаюць” Богам кожны раз, калі іх чытаем з верай”, - запэўніў Святы Айцец, прыводзячы некаторыя прыклады.

“Калі нас абцяжарваюць згрызоты сумлення і пачуццё віны, мы можам паўтараць разам з Давідам: “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй” (Пс 51,3). Калі хочам выразіць моцную асабістую сувязь з Богам, мы кажам: “Божа, ты Бог мой. Ад світанку шукаю Цябе. Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай” (Пс 63,2). Калі нас ахопліваюць страх і трывогі, на дапамогу прыходзяць гэтыя цудоўныя словы: “Пан – пастыр мой... Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла” (Пс 23, 1.4), - падкрэсліў Папа.

Псальмы дапамагаюць не засяроджвацца на сябе

На думку Францішка, псальмы дазваляюць нам не абядняць малітву, зводзячы яе толькі да просьбаў. “Будзем вучыцца з малітвы Ойча наш, у якой, перад просьбай “хлеба штодзённага”, гаворыцца: “Свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая”. Псальмы дапамагаюць нам адкрыцца на малітву, менш засяроджаную на нас саміх: на малітву праслаўлення, благаслаўлення, падзякі; і дапамагаюць таксама стаць голас усяго стварэння, далучаючы яго да нашага праслаўлення”, - сказаў ён.

“Браты і сёстры, няхай Святы Дух, які падарыў Касцёлу-Нявесце словы, каб маліцца да свайго боскага Жаніха, дапаможа нам зрабіць так, каб яны гучалі ў Касцёле і сёння, зрабіўшы гэты год падрыхтоўкі да Юбілею сімфоніяй малітвы”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

19 чэрвеня 2024, 10:21

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >