Францішак двойчы патэлефанаваў святару з Газы
Марыя Валодзіна - Pope
Пантыфік уважліва сочыць за сітуацыяй у сектары Газа, падтрымліваючы па тэлефоне сувязь з невялікай мясцовай хрысціянскай супольнасцю. Пра гэта ў інтэрв'ю Pope распавёў ксёндз Габрыэль Раманелі, які зараз знаходзіцца ў Бэтлееме, куды паехаў па лекі для адной з манахінь.
"Папа патэлефанаваў мне некалькі хвілін таму, выказаў сваю блізкасць і запэўніў у сваіх малітвах. Мы падзякавалі яму за заклік да спынення агню, супраць любога гвалту, тэрарызму і вайны,” - распавёў святар, дадаючы, што Святы Айцец збіраўся таксама патэлефанаваць непасрэдна вернікам, з якімі зараз знаходзіцца вікарый.
Мясцовая хрысціянская супольнасць Газы прымае ў сваёй парафіі каля 150 уцекачоў, якія страцілі свае дамы або шукаюць бяспечнае месца, хаваючыся ад бамбардыровак. Абстрэлы ідуць па ўсім сектары Газа, - патлумачыў ксёндз Раманелі. Сярод хрысціянскіх вернікаў няма загінулых і параненых. Усяго ж у сектары Газа ў выніку ізраільскіх рэйдаў загінула 770 чалавек, у тым ліку 140 дзяцей, паранена больш за тры тысячы чалавек.
"Францішак тэлефанаваў таксама і ўчора", - падзяліўся святар, дадаючы, што Папа хацеў даведацца, як адчуваюць сябе людзі, як парафія, даслаць сваё благаслаўленне і блізкасць Касцёла.