Папа прывітае ўдзельнікаў сустрэчы Глабальнай ініцыятывы Клінтана
Аляксандр Панчанка – Pope
Святы Айцец выступіць падчас цырымоніі адкрыцця форума, якая адбудзецца 18 верасня 2023 года ў Нью-Ёрку. У ёй будуць браць удзел сам Біл Клінтан, Прэзідэнт Гаяны Махамед Ірфаан Алі, былы Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр і іншыя высокапастаўленыя асобы.
Глабальная ініцыятыва Клінтана была заснавана ў 2005 годзе. Яна аб’ядноўвае лідараў бізнесу, палітыкі, няўрадавых арганізацый з мэтай спрыяння інавацыйным рашэнням неадкладных выклікаў свету. У сустрэчах арганізацыі дагэтуль прынялі ўдзел каля 190 былых і актуальных кіраўнікоў дзяржаў, больш за 20 нобелеўскіх лаўрэатаў, шматлікія буйныя бізнесмены і грамадскія дзеячы, філантропы і прадстаўнікі СМІ.
Чакаецца, што Францішак падзеліцца з удзельнікамі сходу занепакоенасцю ў сувязі з некаторымі глабальнымі выклікамі, уключаючы кліматычныя змены, міграцыйны крызіс, дабрабыт дзяцей, а таксама згадае пра місію і праекты ватыканскага педыятрычнага шпіталя Bambino Gesù. На сустрэчы будуць прысутнічаць, між іншых, прадстаўнікі Patrons of Bambino Gesù Children’s Hospital – арганізацыі мецэнатаў, якія падтрымліваюць гуманітарныя праекты дзіцячай бальніцы Апостальскай Сталіцы.
Штогадова некалькі сотняў дзяцей з усяго свету з цяжкімі хваробамі праходзяць бясплатная лячэнне ў Bambino Gesù. На працягу апошніх васямнаццаці месяцаў сярод іх было больш за 200 маленькіх пацыентаў з Украіны. Дзейнасць ватыканскага шпіталя патрабуе вялікага фінансавання. Прадстаўнікі Patrons of Bambino Gesù Children’s Hospital уздымуць гэту праблему на сустрэчы Глабальнай ініцыятывы Клінтана.