ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўнёс чарговыя змены ў касцёльную сістэму пакаранняў

26 красавіка 2022 года Святы Пасад апублікаваў motu proprio Францішка, якім ён унёс змены ў першы параграф 695-га канона Кодэкса кананічнага права.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Такое рашэнне было прадыктавана публікацыяй 1 чэрвеня 2021 года Апостальскай канстытуцыі Pascite gregem Dei, а разам з ёй і новай VI Кнігі Кодэкса кананічнага права De sanctionibus poenalibus in Ecclesia, у якой былі па-іншаму тыпізаваны некаторыя злачынствы і ўведзены новыя, адбылася змена ў пераемнасці канонаў. Гэта запатрабавала прывядзення канонаў іншых кніг Кодэкса ў адпаведнасць з новымі.

У дакуменце Recognitum Librum VI Пантыфік адзначыў, што пасля кансультацый з Папскай радай па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў і Кангрэгацыяй па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ім было прынята рашэнне ўвесці новую рэдакцыю першага параграфа 695-га канона.

Цяпер яго тэкст будзе гучаць так: “Член інстытута павінен быць выдалены за злачынствы, аб якіх гаворыцца ў канонах 1395, 1397 і 1398, калі – у выпадку злачынстваў, аб якіх гаворыцца ў каноне 1395 §2-3 і каноне 1398 §1, – вышэйшы настаяцель не палічыць, што выдаленне не з’яўляецца безумоўна неабходным і можна іншым спосабам у дастатковай меры дасягнуць выпраўлення члена інстытута, а таксама аднаўлення справядлівасці і ўстаранення спакусы”.

Нагадаем, што першы параграф 1398-га канона, аб якім ідзе гаворка ў новай рэдакцыі, кажа пра пазбаўленне пасады і іншыя віды пакарання духоўнай асобы, не выключаючы выдалення з духоўнага стану, калі яна здзейсніла злачынства супраць шостай запаведзі Дэкалога з непаўналетнім або тым, хто мае абмежаванае карыстанне розумам; калі схіліла або прымусіла непаўналетняга ці таго, хто мае абмежаванае карыстанне розумам, да ўдзелу ў парнаграфічных дзеяннях; калі набывала, захоўвала, дэманстравала ці распаўсюджвала любым чынам і пры ўжыванні любых сродкаў парнаграфічныя выявы непаўналетніх або асоб, якія пастаянна маюць абмежаванае карыстанне розумам.

Новая VI Кніга Кодэкса кананічнага права пачала прымяняцца ў Касцёле з 8 снежня 2021 года. Яна была ўдасканалена з “тэхнічнага пункту гледжання” ў аспектах карнага права, такіх як права на абарону і тэрмін даўнасці; у ёй было ўведзена больш дакладнае акрэсленне пакаранняў. У абноўленым заканадаўстве былі прадугледжаны новыя формы пакаранняў, такія як штраф, кампенсацыя нанесенай шкоды, поўнае ці частковае пазбаўленне касцёльных узнагарод. У пытаннях, якія тычацца злоўжыванняў адносна непаўналетніх, цяпер не толькі падкрэсліваецца цяжар такіх злачынстваў, але і звяртаецца ўвага на сітуацыю пацярпелых.
 

26 красавіка 2022, 12:06