ҽ

Папа падчас набажэнства ва ўспамін св. Францішка Асізскага Папа падчас набажэнства ва ўспамін св. Францішка Асізскага 

Папа ўзначаліў набажэнства ва ўспамін св. Францішка Асізскага

Пантыфік узначаліў святкаванні ва ўспамін св. Францішка Асізскага, якія прайшлі ў Ватыканскіх садах пад дэвізам: “Св. Францішак – дасканалы прыклад для інтэгральнай экалогіі”.

Урачыстая цырымонія з удзелам прадстаўнікоў шэрагу карэнных народаў і касцёльных іерархаў адбылася 4 кастрычніка 2019 г. Ініцыятарамі святкавання выступілі манаскі Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, Панамазонская касцёльная сетка (Repam) і Сусветны каталіцкі рух за клімат (Gccm).

У якасці бачнага знаку інтэгральнага падыходу да экалогіі Францішак высадзіў на тэрыторыі Ватыканскіх садоў дрэва – асізскі дуб. Акрамя таго, падчас святкавання праз заступніцтва св. Францішка Асізскага была прачытана малітва пасвячэння Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, каб форум, які распачнецца 6 кастрычніка 2019 г., стаў плённым крокам у кірунку распазнання новых шляхоў для Касцёла і інтэгральнай экалогіі ў такім жыццёва важным рэгіёне, як Амазонія.

Рэпартаж з цырымоніі ў Ватыканскіх садах

Сёлетняе святкаванне ўспаміну св. Францішка Асізскага супадае з трыма сімвалічнымі датамі. Па-першае, яно адбываецца ўсяго за два дні да пачатку Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне. Па-другое, літургічны ўспамін завяршае адмысловую сусветную экуменічную малітву “Час усяго стварэння”, якая па ініцыятыве Святога Айца трывае ў Касцёле з 1 верасня па 4 кастрычніка. Па-трэцяе, ён адзначаецца ў 40-ю гадавіну абвяшчэння св. Францішка Асізскага апекуном абаронцаў навакольнага асяроддзя.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
04 кастрычніка 2019, 13:49