ЗША: адбыўся першы ў свеце кангрэс на тэму энцыклікі Dilexit nos
Ян Глінскі
Нагадаем, папскі дакумент Dilexit nos (“Палюбіў нас”) быў абнародаваны ў Ватыкане 24 кастрычніка 2024 года.
Як адзначыў у інтэрв’ю Pope біскуп дыяцэзіі Каламбус (штат Агаё), гэта адзін з нямногіх кангрэсаў, прысвечаных Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, “таму мы вельмі рады быць яго арганізатарамі тут”, у Вестэрвіле. Біскуп Эрл Фернандэс нагадаў, што дзякуючы энцыкліцы Папы Францішка Dilexit nos набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса адраджаецца нанова. “Энцыкліка прыгожая яшчэ і таму, што ў яе аснове – багацце Святога Пісання, айцоў Касцёла, а таксама лісты Папаў. Яна набліжае нас таксама да святых, – падкрэсліў іерарх. – Усё гэта вядзе да паглыблення нашай любові да Бога, асабліва да Яго Найсвяцейшага Сэрца”.
Як падкрэсліў біскуп Фернандэс, важна ўсведамляць, што Езус павінен быць у цэнтры жыцця вернікаў, а іх дамы павінны быць месцамі, дзе праяўляецца міласэрнасць, якая сыходзіць з сэрца Езуса. “Дзякуючы гэтаму сем’і будуць дасканаліцца ў міласэрнасці да сваіх братоў і сясцёр, у тым ліку да бедных і патрабуючых”, – дадаў іерарх.
Кангрэс у Вестэрвіле назвала асаблівым часам суарганізатар форуму Эмілі Джамінэт – маці семярых дзяцей і выканаўчы дырэктар сеткі Інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца (Sacred Heart Inthronement Network). Як кіраўнік сеткі, створанай для папулярызацыі і жыцця набажэнствам да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, яна з хваляваннем дзялілася ўражаннем пра кангрэс. “Вельмі ўзрушвае, калі бачыш, колькі людзей прыйшло на кангрэс, каб памаліцца, паспавядацца і паразмаўляць. Гэта сапраўды час аднаўлення. Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў дамах з’яўляецца рухам аднаўлення сэрцаў. Мы хочам умацаваць веру ў нашых сем’ях. Усё гэта паказвае нам, наколькі мы малыя, але наколькі мы вялікія і магутныя, калі яднаем свае сэрцы з Хрыстом, бо любоў нараджае любоў”, – адзначыла ў інтэрв’ю Pope Эмілі Джамінэт.