ҽ

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Кангрэс у абарону жыцця, новы касцёл, сустрэча духавенства – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Pope. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope

Малітоўны кангрэс у абарону жыцця праходзіць у Навагрудку. Форум, які адкрыўся 15 лістапада 2024 года ў касцёле святога Арханёла Міхала, прысвечаны перапрашэнню за грахі супраць жыцця і сям’і: аборты, разводы, распусту, кантрацэпцыю і ЭКА. Арганізатарамі з’яўляюцца дабрачынны фонд Адкрытыя сэрцы, экспертная рада па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і навагрудская парафія. Цэнтральнай падзеяй кангрэса стане пакутная пілігрымка з Навагрудка ва Уселюб – удзельнікі пройдуць пешшу 14 кіламетраў.

Зямлю пад будаўніцтва касцёла благаславілі ў Гродне. 10 лістапада 2024 года ў мікрараёне Грандзічы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй благаславіў пляцоўку пад будаўніцтва касцёла пад тытулам святога Айца Піо і крыж. На месцы, дзе будзе ўзведзена святыня, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ардынарый. У гаміліі біскуп падзяліўся думкамі пра значэнне крыжа і святыні ў жыцці хрысціяніна.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу для сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў у Мінску. 14 лістапада 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры прайшоў дзень засяроджання для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Каля 30-і сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў сустрэліся, каб праз разважанне над тэмай канферэнцыі, адарацыю і Эўхарыстыю ўзмацніцца на шляху паклікання. Цэлебрацыю святой Імшы узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і пажадаў сёстрам, каб яны былі для іншых людзей натхненнем і неслі Бога ў сучасны свет.

Сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў Лепелі. 12 лістапада 2024 года, ва ўрачыстасць галоўнага апекуна дыяцэзіі святога Язафата Кунцэвіча, у лепельскай святыні духавенства сустрэлася з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. Пасля канферэнцыі і адарацыі была цэлебравана святая Імша, падчас якой Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек прамовіў гамілію, якую прысвяціў постаці святога Язафата Кунцэвіча і яго клопату аб еднасці хрысціян.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў абраз святога Губерта ў Заслаўі. 9 лістапада 2024 года арцыбіскуп эмэрыт правёў традыцыйнае набажэнства для паляўнічых з нагоды літургічнага ўспаміну іх апекуна – святога Губерта. Узяць удзел у набажэнстве запрасіў заслужанага іерарха пробашч заслаўскай парафіі і душпастыр паляўнічых ксёндз Антоній Клімантовіч. У гаміліі арцыбіскуп эмэрыт адзначыў, што "прырода – гэта наш супольны дом, аб якім мы павінны клапаціцца". Іерарх нагадаў словы святога Аўгустына пра тое, што Бог даў нам дзве кнігі: Біблію і прыроду, і іх трэба чытаць, каб пазнаваць праўду, "таму прырода таксама павінна нас весці да Бога".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

16 лістапада 2024, 08:32