Рыкардзі: Папа сцвярджае, што адзіны шлях да міру – перамовы
Марыя Валодзіна - Pope
“Мне здаецца, што сярод сусветных лідараў найбольш дальнабачнай палітыкай з'яўляецца палітыка Папы, які асуджае вайну як зло, заклікае да перамоў і падтрымлівае адкрытыя кантакты з усімі бакамі канфлікту праз місію кардынала Дзупі. З дапамогай гуманітарных і дыпламатычных ініцыятыў ён паказвае, што трэба рабіць: працягваць весці дыялог, бо разрыў дыпламатычных каналаў з'яўляецца драмай, таму што, калі ўсе масты разбураныя, іх цяжка аднавіць”, - сказаў прафесар Рыкардзі.
Змены ў міжнароднай палітыцы ў сувязі з вайной ва Украіне
На пытанне пра рэакцыю міжнароднай супольнасці на вайну ва Украіне Андрэа Рыкардзі адказаў, што "міжнароднай супольнасці" ў ранейшым, традыцыйным яе разуменні, больш не існуе. Можна казаць пра такія рэаліі, як Захад, НАТА, Еўропа. “Усе яны былі ахоплены эйфарыяй вайны і перамогі пасля мужнага супраціву Украіны, з рызыкай разгарнуць непрамую вайну, якую б вялі ўкраінцы пры падтрымцы Захаду. Я кажу, што ўчорашняй міжнароднай супольнасці больш няма. Падумайце пра крытычную пазіцыю адносна канфлікту, якая шырока распаўсюджана сёння ў краінах Глабальнага Поўдня. Акрамя таго, назіраецца збліжэнне Расіі з Кітаем, і гэта яшчэ адна вельмі сур'ёзная праблема. Гістарычныя адносіны паміж Расіяй і Еўропай, відавочна, парушыліся. Такім чынам, уварванне Расіі прывяло да ваяўнічай эйфарыі. Я не спецыяліст па ваенных пытаннях, але ніколі не верыў, што Расію можна перамагчы з дапамогай санкцый ці ваенных дзеянняў. Не тое каб Расія не пакутавала ад гэтай вайны, але яна валодае вялікім рэсурсам, чалавечым і эканамічным, для супраціву. Магчымасці ж Украіны значна меншыя, яна больш уразлівая і аслабленая ад бесперапынных ваенных удараў Расіі.
Неабходнасць мірных ініцыятыў
На думку Рыкардзі настаў час для крэатыўных дыпламатычных і перамоўных ініцыятыў. “Сёння мір неабходны больш, чым раней. Успомнім пра набліжэнне зімы. 65% украінскай інфраструктуры па вытворчасці электраэнергіі пацярпела ад ракетных удараў. Зіма можа стаць смяротнай для многіх украінцаў. Неабходны мір, і хутка. Няма ніякай творчай формулы: я лічу, што трэба пачаць размаўляць адзін з адным, сесці за стол”, - сказаў ён.
Рыкардзі падкрэсліў важнасць стварэння дыпламатычных каналаў. “Я лічу, што шлях перамоў магчымы. Урэшце, праз два месяцы пасля пачатку вайны бакі набліжаліся да пагаднення, ад якога Украіну адгаварылі некаторыя заходнія краіны. Сёння мы павінны пачаць з вырашэння гуманітарных пытанняў: уз'яднання сем'яў з дзецьмі, абмену палоннымі, вяртання цел загінуўшых салдат”, - сказаў ён, заклікаючы шукаць кантакты на ўсіх узроўнях, каб распачаць мірныя перамовы, на якіх “Украіна не павінна быць прададзеная”.
Для вернікаў важную ролю можа адыграць малітва аб міры “да Таго, хто можа яго даць, нягледзячы на ўладароў вайны”. “Малітва – гэта наш пратэст супраць вайны, яна дае надзею, якая з'яўляецца душой дыялогу”, - заключыў Андрэа Рыкардзі.