Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Pope
Іерархі звярнуліся з пасланнямі на Першую нядзелю Адвэнта. У прыватнасці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў не толькі памятаць аб запаведзі любові да Бога і бліжняга, але і імкнуцца рэалізаваць гэты наказ. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на дзейнасць дабрачыннага таварыства Сaritas, а таксама нагадаў, што перыяд Адвэнту актывізуе вернікаў будаваць духоўныя планы, як найлепш прыняць Езуса на свята Божага Нараджэння.
У Пінскай дыяцэзіі адроджаны два гістарычныя дэканаты. Мясцовы ардынарый біскуп Антоні Дзям’янка абвясціў дэкрэт аб адраджэнні Кобрынскага і Навамышскага акруговых вікарыятаў. Дэканам Кобрынскага дэканата прызначаны ксёндз Віктар Барысевіч, пробашч парафій у Камянцы і Пелішчы, а дэканам Навамышскага дэканата – ксёндз Вікенцій Сяўрук, пробашч парафій у Ішкалдзі, Юшкавічах і Паланечцы.
Андрэйкі прайшлі ў гродзенскай семінарыі. Перад пачаткам новага літургічнага года традыцыйнае мерапрыемства ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ўключала конкурсы, сцэнкі ды іншыя забавы. У зале семінарыі сабраліся студэнты і кіраўніцтва на чале з рэктарам ксяндзом Віталіем Вайцяхоўскім. Час Адвэнту семінарысты плануюць правесці ў малітве і вучобе, а таксама далучыўшыся да разнастайных справаў міласэрнасці, якія на працягу некалькіх гадоў здзяйсняе супольнасць семінарыі.
У Мінску адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 90-годдзю служэння ўршулянак у Беларусі. 4 снежня 2023 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры распачала працу экспазіцыя акварэльных малюнкаў Марыі Каралёвай. Творы, прадстаўленыя на выставе, былі зробленыя падчас экспедыцыі па мясцінах, дзе 90 гадоў таму пачалі дзейнасць на тэрыторыі Беларусі сёстры ўршулянкі.
Моладзь і дзеці з Навагрудка запісалі Адвэнтавы гімн. На пачатак новага літургічнага года юныя вернікі парафіі Святога Арханёла Міхала ў сучаснай форме паказалі атмасферу радаснага чакання Божага Нараджэння. Натхняльнікам ідэі відэароліка і песні Дарога Бога стаў ксёндз Павел Аляскевіч. У праект уключылася каля 30 чалавек, у тым ліку бацькі дзяцей. Адвэнтавы гімн акрэсліў тэматыку разважанняў Божага слова падчас удзелу маладых вернікаў у Раратах.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.