ҽ

Падчас Сінода па сінадальнасці Падчас Сінода па сінадальнасці  (Vatican Media)

Італьянскі тэолаг пра Сінод: знайшлося месца для розных галасоў

Сінод быў перш за ўсё часам братэрства людзей “аб’яднаных сустрэчай з Панам Езусам у Яго Касцёле, якая накрэсліла іх жыццё”. Так падсумаваў нядаўнюю сесію XVI Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў вядучы італьянскі тэолаг, арцыбіскуп Бруна Фортэ.

Ян Глінскі

Пастыр архідыяцэзіі К’еці-Васта на старонках часопіса Avvenire звярнуў увагу на тое, што сінадальнасць з’яўляецца “камуніяй, якая яднае вучняў Уваскрослага, цэнячы годнасць кожнага і прыводзячы ў рух дары Духа, удзеленыя кожнаму, каб яны праяўляліся праз удзел у супольным шляху і ў запале місійным усяго Касцёла, без якога ніводнае з’яднанне з Хрыстом не было б аўтэнтычным і плённым”.

Аналізуючы працу ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння, іерарх адзначыў, што ўбачыў Касцёл, які выходзіць насустрач, свабодна выказваецца і здольны да братэрства. “Перад абліччам свету, што неаднойчы складаецца з сумы адасабленняў, якія часта канфліктуюць паміж сабой, гэтая дасведчаная супольнасць стала добрай навіной пра магчымую любоў як дар, прыняты звыш і падзелены ў веры”, - дадаў ён.

Як падкрэсліў італьянскі тэолаг, свабода выказвання падчас сесіі была сведчаннем пра выразнае адмаўленне ад “самарэферэнтнага і прымітыўнага клерыкалізму, які – як шмат разоў паўтараў Папа ў апошнія гады, – крадзе ў хрысціянскага жыцця свежасць і аўтэнтычнасць, а таксама вядзе Касцёл да закрытай формы, пазбаўленай душы, праўды і прыгажосці”.

Праца ў невялікіх групах, якія складаліся з дванаццаці асоб, “дазволіла абмяняцца годным увагі досведам і развагамі ў размове ў Духу Святым, перажыванай у абсалютнай шчырасці”. Падчас пленарнага пасяджэння, як дадаў арцыбіскуп Фортэ, “знайшлося месца для самых розных галасоў, а досвед жанчын, мужчын, святароў, свецкіх і кансэкраваных мог быць прадстаўлены без скаванасці і боязі быць незразуметымі”.

“Гэтая свабода і лёгкасць выказвання многім падалася дарам Духа, які пацвярджаў прагненне Францішка зрабіць Касцёл майстэрняй сапраўднай гуманнасці, свабодным ад стэрылізуючых форм і практык, здольным прымаць, спадарожнічаць і інтэграваць розных людзей, якія часта зведваюць паралізуючае выключэнне”.

Важнай рысай нядаўняга сінода іерарх назваў “адчуванне моцнага закліку быць Касцёлам, які выходзіць” насустрач, бо “Евангелле з’яўляецца дарам, які пабуджае нас перадаваць іншым прыгажосць атраманага дару”. “Касцёл без місійнага запалу – мёртвы, які мае тэндэнцыю замыкацца ў сабе, ажно пакуль не згарыць у самацэлебрацыі або ў страху перад крэпасцю, ачэпленай аблогай. Сінадальнасць – гэта камунія, удзел і місія. А там, дзе гэтай апошняй не хапала б, астатнія два вымярэнні таксама аказаліся б неэфектыўнымі або нездаровымі”, - упэўнены арцыбіскуп Бруна Фортэ.

“Касцёл забывае пра сябе не ў тым сэнсе, што не любіць сябе як дар, атрыманы ад Пана, але ў тым, што сам дар прыносіць плён менавіта праз пасвячэнне, каб прыгажосць Божай любові, ахвяраванай у Езусе Хрысце, дайшла да ўсіх людзей”, - патлумачыў іерарх.
 

10 лістапада 2023, 09:52